СУБТРАПІ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́, субтропікі,

прыродныя геагр. паясы ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях Зямлі паміж трапічнымі паясамі і ўмеранымі паясамі. Размешчаны ў межах 30—40° паўн. і паўд. ш. Характарызуюцца чаргаваннем тэрмічных рэжымаў па паўгоддзях, перавагай трапічных пасатных паветраных мас летам і цыкланальнай цыркуляцыі ўмеранага пояса зімой, радыяцыйным балансам 70—100 ккал/см² за год. Пераважае субтрапічны клімат. Сярэднемесячныя т-ры паветра летам 20 °C і больш, зімой 4 °C і больш, што дазваляе бесперапынную вегетацыю раслін. Зімой магчымы замаразкі і невял. маразы (да -10 °C). На сушы С.п. колькасць ападкаў і кантынентальнасць клімату мяняюцца ад прыакіянічных раёнаў да ўнутрымацерыковых, што вызначае ландшафтныя адрозненні ў фарміраванні прыродных зон. На кожным з мацерыкоў у С.п. вылучаюцца 3 асн. сектары: зах. прыакіянічны (міжземнаморскі) з сухім летам і вільготнай зімой; унутрыкантынент. з бедным увільгатненнем; усх. прыакіянічны (мусонны) з багатым летнім увільгатненнем. Глебы і расліннасць мяняюцца ад вільготных вечназялёных і шыракалістых лясоў на чырваназёмах і жаўтазёмах да мусонных і цвердалістых лясоў, хмызнякоў і субтрапічных стэпаў на карычневых і шэра-карычневых глебах, ксерафітных рэдкалессяў, паўпустынь і пустынь на шэра-бурых глебах і шэразёмах. Тэрыторыя С.п. здаўна гаспадарча асвоена: лясы моцна зведзены, вял. плошчы займаюць ворныя землі і плантацыі (вырошчваюць рыс, бавоўнік, чай, цытрусавыя, арахіс і інш.). Акіян у межах С.п. адрозніваецца высокай т-рай (у сярэднім 15—16 °C) і салёнасцю вады, нязначнай колькасцю прамысл. рыб.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)